Як змяніліся Вялікія Чучавічы, Малыя Чучавічы, Баравікі і Кормуж ад Другой сусветнай вайны?
У сакавіку 2025 года Нацыянальны архіў Коледж Парка пры падтрымцы Нацыянальнай калекцыі Аэраздымкаў шатландскага гістарычнага інстітута апублікавалі нямецкую аэраздымку часоў Другой сусветнай вайны.
Аэраздымка была зроблена летам 1944 года. Шчаслівым выпадкам 19 чэрвеня 1944 года нямецкі самалёт, з якога рабілі здымку, пралятаў над
Чучавіцкім краем, а калі дакладней над Вялікімі Чучавічамі, Малымі Чучавічамі, Баравікамі, Кормужам і па паўднёвай
частцы краю, над балотам Грычын.
Апублікаваныя здымкі надта каштоўныя з краязнаўчага пункта гледжання, бо на дадзены момант гэта найбольш даўнія мапы
краю і вёсак і гэта дае разумення, у якім выглядзе быў Чучавіцкі край пад час Другой сусветнай вайны і як ён
змяніўся зараз.
У гэтым артыкуле мы параўнаем аэраздымку 1944 года і спадарожнікавую здымку з кадастравай мапы Беларусі ~2018 года. Усё дзеля таго,
каб зразумець, як змянілася планаванне вёсак, як змяніліся памеры вёсак, а таксама адзначым дробныя краязнаўчыя адметнасці.
У артыкуле змешчаны параўнальныя здымкі 1944 і ~2018 года. Перасоўваючы белую лінію, можна паглядзець розніцу "было-стала" паміж здымкамі.
Вялікія Чучавічы
Найбольшай адметнасцю здымка 1944 года з'яўляецца фіксаванне пабудоў, якія перажылі вайну.
Што цікава, у кніге "Памяць. Лунінецкі раён" пішацца, што вёска была спалена нямецкім войскам, аднак гэта не адпавядае рэчаіснасці.
Па словах мясцовых жыхароў, да прыхода нямецкіх войскаў Вялікія Чучавічы былі спалены мясцовымі жыхарамі/партызанамі, каб немцы не аселі ў вёсцы.
Такім чынам праз мапу і ценю ад будынкаў мы можам бачыць, што ацалела ў 1940-ыя гады.
Другой важнай адментасцю з'яўлецца разуменне разбудовы вёскі ў пасляваенны час, і якія двары заклалі падмурак для пэўных урочышч: Корчык, Сад, Вароны, Пад'ельнік.
За пуцямі
За пуцямі, то бок на захад ад вузкакалейкі знаходзяцца тры урочышчы: Пад'ельнік, Вароны і Набрус.
На пачатку ХХ стагоддзя тут знаходзіліся толькі могліцы, а буйнае засяленне адбылося ўжо ў пасляваенны час.
На здымках абведзены былая станцыя вузкакалейкі, на месцы якой у 1980-ыя гады быў пабудаваны Чучавіцкі ляспрамгас.
Могліцы Вялікіх Чучавіч
Могліцы Вялікіх Чучавіч у 1944 год былі больш чым у 2 разы меней па плошчы, чым сучасныя.
Фактычна яны займал ўсю ўсходнюю частку і былі амаль цалкам пад дрэвамі.
Пра гэта сведчыць цёмна-шэры колер на мапе і частковая захаваннасць дрэў да сённяшняга часу.
Натуральнае насаджэнне дрэвамі складае гістарчына візуальны выгляд усіх могліц у Чучавіцкім краі.
Па сённяшні дзень насаджэнні дрэў на могліцах Чучавіцкага краю акрэсліваюць іх гістарычную частку, якая ў тым ліку зафіксавана на здымках Сержпутоўскага і Абрэмбскага.
Аднак гэтая прыродная спадычна краю ў апошнія 2 гады пад вялікай пагрозаю праз вырубку дрэў.
Ніжэй на храналагічнай стужцы можна пабачыць як змяняецца насаджэнне дрэў на могліцах Вялікіх Чучавіч.
У савецкі час паўночна-заходняя гістарычная частка могліцы паросла хмызняком. На пачатку 2010-ых гадоў той кавалак могліц быў цалкам вычышчаны.
У сярэдзіне 2010-ых гадоў была спілавана сасна ў паўднёва-цэнтральнай частцы.
У 2018 годзе было зрублена дрэва (меркавана, дуб) у паўднёва-заходнім куце.
За апошнія два гады былі спілаваны больш каля 10 дрэў, у тым ліку старыя дубы.
Змена расліннасці на могіцах Вялікіх Чучавіч
Пахаванні часоў вайны і парк
Адметнымі на здымку 1944 года з'яўляюцца месца пахавання растраляных мясцовых жыхароў (абведзена злева).
Паводле звестак тутэйшых растрэлы, па большасці габрэйскага насельніцтва, у тым месцы адбываліся ў 1941-1942 гадах.
На здымку 1944 года мы яшчэ бачам пясчаную пляму ў тым месцы, то бок месца пахавання не паросла буйна травою.
У сучасным парку можна заўважыць адміністрацыйны будынак. Меркавана, гэта мог быць будынак адміністрацы Чучавіцкай гміны.
Аднак існуе іншая гіпотэза. Па звестках ад мясцовых жыхароў за гмінаю была "халодная", то бок лакальная турма пры польскай уладзе.
Цэнтры вёскі
Калі раней цэнтр вёскі факусаваўся на скрыжаванні дарог на Баравікі і Малыя Чучавічы, то ў пасляваенны час была разбудавана паўднёвая частка вёскі.
Сфарміраваўся адміністрацыйны цэнтр і ўрочышча "Домікі" з двухпавярховымі панэльнымі дамамі.
Урочышча "Гаргуны"
Урочышча Гаргуны - адзінае, дзе захавалася купа хат у адным месцы.
Гэтыя дамы стаяць на дарозе з Баравікоў у цэнтр, таму, меркавана, мелі стратэгічнае значэнне.
Як мінімум адна з тых хат засталася па сённяшні час.
Паводле расказаў мясцовых жыхароў, у тых хатах жыў "Карачун", які дапамагаў немцам, і яго брат.
Малыя Чучавічы
Цэнтр Малых Чучавіч застаўся тым самым, а сама вёска пашырылася радыяльна.
За пасляваенны час чучаўлякі больш буйна засялілі ўрочышчы Лошуха, Таўсціца, Бяседу.
Што адметна, фарміраванне новых вуліц у пасляваенны час праходзіла па былых сцежках, што зрабіла вуліцы звілістымі і менш геаметрычна-штучнымі.
Могліцы
Могліцы Малых Чучавіч былі закладзены на пачатку ХХ стагоддзя. Раней людзей хавалі ў трох іншых месцах.
У 1944 годзе могліцы былі пад кронамі сосен, які захоўваюцца да сённяшніх дзён.
Фактычна сучаснае знаходжанне дрэў фарміруюць гістарычную частку могліц, з якіх яны пачыналіся.
Перадзел
Урочышчы Перадзел і Вялікі Перадзел амаль не захаваліся ні ў 1944 годзе, ні сёння. Вялікі Перадзел, які месціўся за Баравікоўскім могліцамі, існаваў да Другой сусветнай вайны.
Хутар Перадзел каля былога аэрадрома яшчэ не відаць на мапе 1944 года. Пабудовы Чучавіцкага двара таксама не захаваліся да 1944 года, аднак візуальна заўважана яго лакалізацыя.
Колерам абведезены хутары Перадзел (справа) і Вялікі Перадзел (злева).
Баравікі
У час, калі рабілі здымкі над Баравікамі, былі аблокі, і яны наклалі адпаведны цень на мясцовасць.
Сама вёска фарміравалася ва ўсходняй сваёй частцы, а ў заходняй, зацененай, частцы можна толькі прагледзець планаванне некалькі двароў.
Нямецкі здымак дае глебу для разважанняў, як развіваліся Баравікі з часоў падзелу на Шчытоўскія і Радзівілаўскія.
З улікам невялікага памера вёскі пасля вайны захаваліся ано адзінкі хат.
Кормуж
Вёска Кормуж у даваенны час складалася з адной вуліцы. Па ценях на мапе можна меркаваць, што захавалася быццам бы ано адна хата.
У пасляваенны час вёска пашырылася ўздоўж галоўнай вуліцы, а таксама з'явілася яшчэ дзве вулачкі ў паўночны бок.
Як сцвярджаюць беларускія краязнаўцы, Нацыянальным архівам Коледж Парка пры падтрымцы Нацыянальнай калекцыі Аэраздымкаў шатландскага гістарычнага інстітута былі выкладзены не ўсё здымкі.
Гэта ж адпавядае логіцы, бо на дадзены момант у анлайне няма здымкаў пэўных стратегічных населеных пунктаў Беларусі.
Спадзяемся, што ў будучыні з'явяцца здымкі Лугоў і Гоцка, якія таксама былі спалены ў час Другой сусветнай вайны і змянілі свае планаванне ў пасляваенны час.
Адмыслоўцы-беларусы сабралі кадры выкладзеных здымкаў на мапы і зараз кожны можа паглядзець нямецкія аэраздымкі 1944 года.
Другі варыянт мапы.
Так некаторыя здымкі сталі карыснымі ў вызначэнні лакалізацыі страчаных аб'ектаў спадчыны.
Для Чучавіцкага краю нямецкая аэраздымка дала каштоўную краязнаўчую інфармацыю па развіццю края і яго населеных пунктаў.
Выкарыстанне матэрыяла дазваляецца пры ўмове наяўнасці актыўнай гіперспасылкі на czuczewicze.by у першым
абзацы.

