🔍

Чучавіцкая Пакроўская царква

Пабудаваная ў 1850 годзе па фундацыі Вітгенштэйнаў на месцы былой царквы, што згарэла ў 1845 годзе. Асвечана была ў 1851 годзе.

Помнік драўлянага дойлідства. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Трохзрубны развіты па падоўжнай восі будынак з прамавугольным у плане бабінцам, квадратным цэнтральным аб'ёмам, завершаным васьмерыком на ветразях і пяціграннай апсідай. Апсіда накрытая вальмавым, бабінец — двухсхільным дахамі, над цэнтральным аб'ёмам — дах складанай формы, які ўтварае на чатырох фасадах трохвугольныя шчыты і завершаны дэкаратыўным пяцігалоўем. Звонку сцены ашаляваныя, прарэзаныя высокімі арачнымі (у цэнтры васьмерыка спаранымі) праёмамі. Галоўны і два бакавыя фасады акцэнтуюць уваходы з захаду ганкамі на парных разных слупах. У кампазіцыйным рашэнні царквы адчуваецца ўплыў паўночна-рускага драўлянага дойлідства.

У інтэр'еры пануе цэнтральная двухсветлавая падкупальная прастора храма, абмежаваная паруснай драўлянай канструкцыяй. Апсіда аддзелена разным пазалочаным іканастасам. Абразы: «Маці Божая Адзігітрыя» (18 ст.), «Пакроў Маці Божай», фератрон «Георгій Перамоганосец» і «Пакроў Маці Божай» (усе пачатку 19 ст.), драўляная скульптура «Укрыжаванне» (19 ст.).

Church seal
Пячатка ўніяцкай Чучавіцкай Пакроўскай царквы, адціснутая ў метрычнай кнізе, 1828 г.

Што пражыла царква за свой час?

1658 год
Першая ўзгадка
У інвентары за 1658 год пры апісанні чучавіцкай царквы ўзгадваецца царква (без дадатковых дэталяў). На дадзены момант гэта першая ўзгадка царквы ў гісторыі.
28 снежня 1680 года
Першы ўзгадка ў царкоўных дакументах
28 снежня 1680 года Чучавіцкая Пакроўская царква і Чучавіцкая Троіцкая царква (меркавана, гэта капліца) была наведаны пад час генеральных візітаў. Царква не мела фундацыі, і згодна з вопісам візіта можна зрабіць выснову, што ў царкве праводзіў службы святар з Дзяніскавіч - Ян Гарбацэвіч.
19 верасня 1834 года
Перавод у праваслаўную веру
Пасля паўстання 1830-31 года Расійская імперыя распачала палітыку прымусовага пераводу ўніяцкіх цэркваў у праваслаўныя. Прымусовасць падкрэсліваецца адмоваю святароў праводзіць службы. Гэта суправаджалася адміністрацыйным пакараннемм. Згодна дакументаў у праваслаўную веры былі пераведзены 944 чалавекі: 466 жанчын і 478 мужчын.
22 чэрвеня 1845 года
Пажар
Апоўдзень у Чучавіцкую царкву трапіла маланка. Царква загарэлася, але ж людзі паспелі ўсё вынесці з яе, уратаваўшы шэраг кніг, святарскае адзенне, абразы і іншыя царкоўныя прадметы згодна з інвентарам
1846-1850 гады
Будаўніцтва царквы
Для будаўніцтва новай царквы быў запрошаны час да наступнай вясны. Да мая 1847 года чучаўлякі мусілі падрыхтаваць матэрыялы для яе будаўнцтва.
1908 год
Рамонт царквы
Першага чэрвеня пачаўся капітальны рамонт царквы. Замест дубовых балек пад царквою былі пакладзены камяні, гэтым змаглі выраўняць царкву. Дадаткова царква была абшыта новымі дошкамі і ўнутры пакладзена новая падлога.
1909 год
Замена гонта і пафарбоўка царквы
Царква была пакрыта новым гонтым. Унутры і звонку царквы была нанова пафарбавана: унутры алтар - ружовым колерам, а сярэдняя частка - цёмна-бардовым, звонку - зялёным колерам, а дах - чырвоным.
1915 год
Вываз званоў у Расію
Пад час падрыхтоўкі да эвакуацыі званы царквы былі вывезены ў Арлоўскую губернію.
1926 год
Вяртанне званоў з Варшавы
Пасля абмена аб'ектамі спадчыны паміж Польшчай і СССР званы былі перададзены ў Варшаву, адкуль былі вернутыя 8 красавіка 1926 года.
1932 год
Высадка клёнаў на падворку царквы
Увесну намаганнямі Паўла Казакова (выконваючы абавязкі псаломшчыка) вакол царквы былі высаджаны 75 клёнаў
1941 год
Ацаленне ў час вайны
Вялікія Чучавічы былі амаль цалкам спалена, аднак царква і яшчэ некалькі двароў ацалелі. Як кажуць мясцовыя жыхары, званіца царквы выкарыстоўвалася нямецкім войскам у якасці агляднай вежы.

Святары Чучавіцкай Пакроўскай царквы

Пры першай згадцы царквы мы можам зразумець, што святара на сталай аснове ў Чучавіцкай царкве не было: прыязджаў святар з Дзяніскавіч. Аднак пачынаючы з 1772 года па метрычных кнігах, кліравых ведамасцях ды іншых царкоўных і архіўных дакументах мы можам адсачыць дзейнасць усіх святароў царквы. Па большасці смена святараў адбывалася праз перавод іх у іншыя цэрквы, аднак у метрычных кнігах таксама зафікаваны некалькі смерцяў святароў. У такіх выпадках і хавалі на пагосце царквы. На сённяшні дзень пахаванні святароў на пагосце не захавалася.

Архіўныя дакументы па царкве

Царкоўныя дакументы

Па Чучавіцкай царкве метрычныя кнігі захаваліся з 1772 года. Метрычныя кнігі з 1772 па 1796 год захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным гістарыным архіве. Метрычныя кнігі з 1797 года захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У НГАБ існуе асобны фонд, дзе ляжаць метрычныя кнігі Чучавіцкай царквы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аднак паводле архіва справа ў дрэнным для сканвання стане (інфармацыя, вартая праверкі). Метрычныя кнігі 1883-1887 гадоў дзіўным чынам адсутнічаюць у архівах. У гэтыя часы царква дзейнічала і не было аніякіх інцыдэнтаў для іх знікнення, таму можна меркаваць, што метрычныя кнігі за гэты час дзесьці аселі ў іншым месцы (напрыклад, у іншым фондзе і не падпісаны, у іншых архівах, на руках у людзей).

Апроч метрычных кніг існуюць спавядальныя ведамасці і шлюбныя вобшукі. Шлюбныя вобшукі часткова захоўваюцца ў НГАБ.

Інфармацыя пра наяўнасць метрычных кніг і спавядальных ведамасцяў пазначана ў табліцы ніжэй: ХР - падзел хрышчэнняў, ШЛ - падзел шлюбаў, П - падзел пахаванняў, СВ - спавядальныя ведамасці. Лічбамі пазначана колькасць запісаў кожнага падзела.

Карціна з выяваю Вялікіх Чучавіч была намалявана Дробатам Юрыем у 1990 годзе. Захоўваецца ў сям'і Клеўжыцаў.