🔍

Чучавіцкі лес займае амаль 80% плошчы Чучавіцкага краю. Такую ж высокую долю лес займае і ў жыцці жыхароў краю. Чучавіцкі лес з'яўляецца месцам працы і харчавання, месцам абароны, прыроднаю і культурнаю мяжою. У ранейшыя часы лес быў таксама месцам паляўнічай атракцыі.

Пра Чучавіцкі край і яго лес мясцовыя жыхары ведаюць выключна праз гісторыі мінулых пакаленняў. Даследаваннасць краю заўсёды абмяжоўвалася некалькімі артыкуламі, ад гэтага жыхары краю глыбока не разумеюць і не ўсвядамляюць адметнасцей гісторыі і культуры краю. Менавіта таму дзейнасць праекта “Чучавіцкі край” накіравана на пашырэнне асветы і на змены поглядаў на месцы, адкуль людзі паходзяць і дзе яны жывуць.

Развіццё Чучавіцкага лесу

    Падказка: ва “Ужатым” выглядзе клік па радку раскрывае апісанне.

    Памеры лясных урочышч

      Інфармацыя паводле інвентарнага апісання Чучавіцкага лясніцтва за 1878 год

      Склад парод па тэрыторыях

      Падказка: націсні на элементы легенды, каб хаваць/паказваць катэгорыі.

      Інфармацыя паводле інвентарнага апісання Чучавіцкага лясніцтва за 1878 год

      Вуллі лясной стражы

      Інфармацыя паводле інвентарнага апісання Чучавіцкага лясніцтва за 1878 год

      Ускрайка Чучавіцкага лесу каля вёскі Лугі
      Ускрайка Чучавіцкага лесу каля вёскі Лугі
      Лугі · 1934 · фота: Юзаф Абрэмбскі

      Чучавіцкі лес для жыхароў краю

      Культурная функцыя — ілюстрацыя

      01 · Культура

      Забалочаныя лясы і балаты запавольвалі развіццё дарожнай інфраструктуры і сфарміравалі ізаляванасць краю ад бліжэйшых вёсак. Гэтая ізаляванасць стала асноваю для аднароднага культурнага развіцця і шчыльных генеалагічных сувязяў. Культурная разнастайнасць пачала з’яўляцца ў ХХ стагоддзі з пабудоваю вузкакалейкі і прамысловым развіццём.

      • Развіццё мясцовай гаворкі адбывалася пад уплывам штодзённых камунікацый. З улікам таго, што забалочаны Чучавіцкі лес акружваў вёскі з трох старон краю, а з чацвёртага боку было балота Грычын, то міграцыі і кантакты з жыхарамі суседніх вёскамі былі нячастымі.

        Пры тым вёскі краю камунікацыйна развіваліся ў розных накірунках. Жыхары Гоцка часцей сустракаліся з жыхарамі левага берага ракі Лань (вёскі Чаланец, Пузічыі і Хорастава). Гэта тлумачылася суседства гаспадарчых надзелаў, промысел на рацэ Лань і ўваходжанне вёскі Гоцк у Хорастаўскі прыход у 1876 годзе. Жыхары Лугоў часцей мелі камунікацыю з жыхарамі Гаўрыльчыц, якія знаходзіліся на той жа адлегласці як і Вялікія Чучавічы. Гэта суправаджалася ранейшым уваходам Лугоў у Рожанскі прыход, куды ж уваходзілі і Гаўрыльчыцы, а таксама менш забалочанай і лясістай мясцовасцю ў бок Гаўрыльчыц.

        Краязнаўца з вёскі Лахаўка прыводзіць прыклад, як адрозніваецца гаворка жыхароў Вялікіх Чучавіч і Лугоў.

        Запіс 2025 года · Сцяпан Нефідовіч

        Традыцыйны строй, як і лакальная гаворка, фарміраваўся праз той жа камунікацыйны чыннік і геаграфічныя асаблівасці. Традыцыйны строй Чучавіцкага краю мае больш падабенства з строем вёсак на поўдні Ганцавіцкага раёна (Чудзін, Будча, Дзяніскавічы).

        Больш падрабязней дазнацца пра традыцыйны строй краю можна на адпаведнай старонцы.

      • На працягу апошніх 330-360 гадоў Чучавіцкі край праз акружанасць забалочаным лесам і балатамі развіваўся выключна праз шлюбы паміж тутэйшымі жыхарамі. Паводле запісаў Юзафа Абрэмбскага ў экспедыцыі ў Гоцку ў 1934 годзе брацца шлюбам можна было, калі маладыя маюць родную сувязь у 5+ калене, альбо ў 4-5 калене. Гэта ж пацверджваецца расповедамі Грыцкевіч Марыя Сцяпанаўна на прыкладзе сыходжання фалангаў пальцаў рук. Паміж 1658 і 1690 гадамі ў Чучавіцкім краі пасяліліся сучасныя тутэйшыя прозвішчы. З’яўленне новых прозвішч адбывалася адзінкавымі выпадкамі ў 19 стагоддзі (Ляскоўскія, Раўковічы, Соц), а таксама ў другой палове 20 стагоддзі пры развіцці сацыяльнай і гаспадарчай інфраструктуры краю. На сённшні дзень амаль 90% жыхароў краю з’яўляюцца носьбітамі тутэйшых прозвішч.

        Даследаванне чучавіцкага радаводу працягваецца па сённяшні дзень. Агульны радавод складае звыш за 8000 асоб, звязаных з Чучавіцкім краем. На сённяшні момант падзел "Чучавіцкі радавод" на сайце праекта мае абмежаваны доступ.

      •  жыхарам Чучавіцкага краю, асабліва жыхарам сучаснага Лунінецкага раёна, уласцівы рысы закрытасці і замкнутасці. Нярэдка сярод жыхароў суседніх вёсак раёна можна пачуць выраз у бок жыхароў края, “вой, ты гэты чучаўляк”. Замкнутасць адчуваецца ў не жаданне ўпускаць людзей ва ўнутраныя працэсы, калі ты не з’яўляешся часткаю супольнасці. Фактычна, з не тутэйшымі людзьмі можа быць кантакт, аднак ён абавязкова суправадзіцца пытаннем “а чый гэта ты будзеш” і не будзе выражацца шчырасцю.

        Замкнутасць супольнасці фіксуецца этнамузыколагам і даследчыкам Янушам Касіцкім. Пасля сваёй экспедыцыі 1932 года ў артыкуле ён адзначаў, што на пачатку размовы жыхары Лугоў казалі яму, што ніхто нічога не ўмее і песні не спявае.

        У апошнія дзесяццігоддзі з працэсамі глабалізацыі замкнутасць сыходзіць, аднак павольнымі тэмпамі.

      Эканамічная функцыя — ілюстрацыя

      02 · Абарона

      У цяжкія часы лес ратаваў ад праблем і дапамагаў як эканамічна, так і інфармацыйна

      • Пры Расійскай імперыі чучаўлякі заходзілі ў глыб леса, каб весці сельскую гаспадарку на схаваных ад ляснікоў узлесках. Тым самым жыхары спрабавалі абараніць сябе ад дадатковых выдаткаўю.

      • У час Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары абараняліся, хаваючыся ў лесе і ствараючы сабе там баракі. Таксама наяўнасць кароткіх сцежак паміж вёскамі Лугі і Малыя Чучавічы дазволіла хутка данесці інфармацыю пра надыход нямецкіх войскаў з боку Лугоў. Гэта дало дадатковы час, каб выйсці ў лес.

      Рэсурс

      03 · Рэсурс

      Чучавіцкі край амаль цалкам быў пабудаваны са свайго лесу. Дрэва таксама стала крыніцаю рамёстваў, таму драўляныя вырабы з Чучавіцкага лесу стаялі ў тым ліку ў пакоях Радзівілаў.

      • Рэсурснае багаццё краю вызначыла характар шэрагавай забудовы. У Чучавіцкім краі цалкам уся забудова была з дрэва. Дакументальна не зафіксавны ніводны камены будынак.

        У інвентарах 18-19 стагоддзя зафіксаваны апісанні забудовы маёнтка Чучавічы, корчмаў у вёсках, пабудоў пры дварах стражнікаў і магазін як сховішча харчоў.

        Апроч гэтага апісанне і замалёўкі забудовы краю былі зафіксаваны польскім этнографам Казімежам Мошынскім, які наведваў як мінімум Малыя Чучавічы і Гоцк у 1926 годзе.

        Візуальна шэрагавую забудову мы можам пабачыць на фотаздымках Аляксандра Сержпутоўскага і Юзафа Абрэмбскага. Усе фотаздымкі захоўваюцца ў фотаархіве праекта. Драўляная забудова Вялікіх і Малых Чучавіч, а таксама Лугоў была знішчана ў часы Другой Сусветнай вайны ад падпалу вёсак партызанамі (у выпадку Чучавіч) і нямецкімі/латышскімі жаўнерамі (у выпадку Лугоў).

        У канцы 20 стагоддзя і пачатку 21 стагоддзя шэрагавая забудова стала пад пагрозаю праз продаж зрубаў хат. На сённяшні дзень большасць хат у краю застаецца драўлянымі. Адзінкавыя хаты пакрыты сайдынгам і дзясяткі хат пабудаваны з цэглы ці блокаў.

      • Сучасная Чучавіцкая Пакроўская царква была пабудавана ў 1851 годзе пасля таго, як на яе месцы ў 1844 годзе згарэла першая царква Вялікіх Чучавіч. На пабудову новай царквы быў вылучаны лес князем Вітгенштэйнам са сваіх уладанняў. Дакументальна не пацверджана, дзе гэты лес быў высечаны, аднак з-за лагістычных праблем і дадатковых коштаў на гэта можна сцверджаць, што дрэва было з Чучавіцкага лесу.

        У 1906 годзе царква была адноўлена. Для гэтага ізноў быў выкарыстана дрэва з Чучавіцкага лесу.

      • Лясное наваколле вызначала матэрыял надмагілляў на могліцах. Пераважна гэта былі драўляныя крыжы розных памераў, а таксама дубовыя калоды-прыклады. Гэта ў 1910 годзе засведчыў Аляксандр Сержпутоўскі падчас сваёй экспедыцыі.

        На сённяшні дзень на могліцах Чучавіцкага краю захоўваюцца каля 15 драўляных крыжоў і ніводнага дубовага прыклада.

        Могліцы Вялікіх Чучавіч, 1910 г. / Фото А. Сержпутоўскага
        Могліцы Вялікіх Чучавіч, 1910 г. / Фота А. Сержпутоўскага
        Могліцы Гоцка, 1934 г. / Фото Ю. Абрэмбскага
        Могліцы Гоцка, 1934 г. / Фота Ю. Абрэмбскага
      • Дрэва Чучавіцкага лесу было рэсурсам для мясцовых столяраў. Тыя ж рабілі прадметы побыту і інтэр'ера, у тым ліку для палацаў і сядзіб Радзівілаў.

        У ХХ стагоддзі лясная сыравіна стане экспартнай у прамысловасці фабрыкі Агахэль памешчыка Агаркова.

      Працоўная функцыя

      04 · Праца

      На кожным этапе свайго развіцця Чучавіцкі лес даваў працоўныя месцы жыхарам: ад Радзівлаўскіх часоў як стражнікаў і столяраў да ХХ стагоддзя, калі быў заснаваны Чучавіцкі ляспрамгас і запрацавала піларама

      • Чучавіцкі лес як мінімум з 1740-х гадоў быў месцам занятасці мясцовых жыхароў. Фактычна жыхары краю былі заняты ў двух рамесніцкіх галінах: лясніцтва і сталярства. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя сярод ляснікоў вылучаўся яшчэ пасечнік.

        Ляснікі і сталяры стваралі родавыя дынастыі. Дынастыі ляснікоў перарываліся ў 1850-ыя гады пры продажы маёнтка і ў 1940 годзе, калі ўсе ляснікі былі рэпрэсаваныя. Сярод столяраў жа працягласць дынастый была даўжэйшая. Так, напрыклад, першы вядомы сталяр з роду Макаедаў нарадзіўся ў 1696 годзе, а апошні столяр з гэтай дынастыі памёр у 2010 годзе.

        Нягледзячы на жыццё сярод балот і аддаленасць ад буйных мястэчак, сталяры Чучавіцкага краю мелі давер да сваёй працы ад князёў Радзівілаў. Так у сярэдзіне XVІІІ стагоддзя чучавіцкія сталяры выраблялі абсталяванне для бібліятэкі і галерэі Радзівілаў у Нясвіжы.

        У канцы 19 стагоддзя, калі Чучавіцкі лес стаў уладаннямі Агаркова, была сфарміравана лясная і лугавая стража. На 1916 год яна налічвала 25 чалавек, з якіх 9 чалваек былі тутэйшым жыхарамі.

      • У канцы ХІХ стагоддзя Чучавіцкі лес стаў маёмасцю памешчыка Агаркова, які актыўна выкарыстоўваў лес у прамысловых мэтах у Мікашэвічах. Спачатку лес сплаўляўся па выкапаным у 1834 годзе канале праз Лань да Мікашэвічы. Аднак з пабудоваю вузкакалейкі працэс пастаўкі драўніны стаў больш тэхналагічным. Лес ехаў па вузкакалейцы да станцы Люшча і пасля чыгункаю да Лунінца і Мікашэвіч. У Мікашэвічах лес апрацоўваўся на фанернай фабрыцы Агаркова.

      • У другой палове ХХ стагоддзя, з развіццём прамысловасці ў Вялікіх Чучавічах адкрыўся ляспрамгас. Можна сказаць, што справа Агаркова трансфармавалася і прамысловасць перанеслася бліжэй да сыравіны. Аднак ужо праз 50 год свайго існавання ляспрамгас спыніў сваю працу. На сённяшні дзень будынкі былога прадпрыемства рэгулярна выстаўляюцца на продаж.

      Прыродная функцыя

      05 · Прырода і месца жыхарства

      Чучавіцкі лес выконваў і выконвае сваю натуральную функцыю. Гэта месца рассялення дзікіх жывел, якія ў сваю чаргу становяцца аб'ектамі ўвагі сярод тутэйшых жыхароў і гасцей краю. Асаблівая ўвага надаецца рэдкім для свайго часу відам жывёл: бабры, мядзведзі, зубры і вялікія арляцы.

      • Бабры ў Чучавіцкім краі рассяляліся пераважна каля ракі Лань. Увага да іх была яшчэ як мінімум з 18 стагоддзя. Так у 1791 годзе існавала ў Радзівілаўскіх уладаннях існавала пасада баброўніка, якую займаў Сцяпан Канапацкі. Для бабароўніка быў складзены асобны пералік абавязкаў і правіл. Першым правілам прапісана забарона на паляванне баброў і выдр з пагрозаю найвялікашага пакарання. Кожны тыдзень баброўнік мусіў справаздачыцца па стане бабровых хат.

        У Чучавіцкім краі на 1791 год зафіксаваны дзве бабровыя хаты каля Гоцку.

        Папуляцыя баброў трымалася да 1920-ых гадоў. Менавіта тады быў забілі апошняга бабра.

        На сённяшні дзень папуляцыя баброў у Чучавіцкім краі адноўлена.

      • З'яўленне зубра ў Чучавіцкім краі было выпадковым і адзінкавым. У 1970-80-ых гадах на Палессі былі зафіксаваны некалькі выпадкаў сустрэчы зуброў у нетыповых месцах. У Чучавіцкі край зубр прыйшоў з Ганцавіцкага раёна ў 1985 годзе.

        Як адзначалі леснікі Дзяніскавіцкага лясніцтва ў той час: «Як да Чучавіч дойдзе, дык нікуды не пойдзе». Павдоле слоў ляснічага гэтае меркаванне сфарміравалася ад таго, што ў Чучавічах былі вельмі жорсткія браканьеры. Далейшы лёс гэтага зубра застаецца невядомым.

      • Мядзведзі ў Чучавіцкім лесе жылі ўвесь час да 1930-ых гадоў, калі апошняга мядзевдзя забіў эканом Гражэвіч. Да ХХ стагоддзя мядзведзі станавіліся часткаю паўлянічай атракцыі для заможных людзей, у прыватнасц Радзівілаў. Так у 1886 годзе з 16 па 21 лютага Мацей Радзівіл разам з кронпрынцам Вільгельмам прыязджалі ў Чучавіцкі лес на паляванне. Да палявання таксама быў запрошаны мастак Юліан Фалат, які па загадзе Мацея Радзівіла рабіў замалёўкі працэса палявання, палескай прыроды і вясковых людзей.

        Вобраз Чучавіцкага лесу як месца з мядзведзямі таксама ўзгадваецца ў нарысе пра Палессе Гжегажа Вінагродскага. Асобна нават зроблена зноска, што гэта багна, часткова парослая лесам, дзе яшчэ захоўваюцца адзінкавыя мядзведзі.

        Polesie: szkic krajoznawczo-historyczny
        Polesie: szkic krajoznawczo-historyczny · Winogrodzki, Grzegorz · 1937
      • З'яўленне вялікага арляца ў Чучавіцкім лесе стала магчыма праз усталяванне датчыка адсочвання на птушку Велута. Праект Дзікая прырода побач дазваляе зразумець, што вялікія арляцы селяцца на самым поўначы Чучавіцкага лесу. Дакладная колькасць гэтых птушак у Чучавіцкім лесе пакуль невядома.

        Вялікі арлец ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу і мае статус віду, які знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Беларуская папуляцыя другая па памерах у свеце пасля расійскай.

        Вялікі арлец у Чучавіцкім лесе таксама адлюстраваны на складанцы "Дзень з жыцця спадчыны".

      Ахвяры і рэпрэсіі

      06 · Ахвяры

      Чучавіцкі лес станавіўся месцам зланчыстваў і нагодаю для злачынстваў. Апроч гэтага лес быў зручным у часе польска-савецкай барацьбы. Праз лес у Вялікія Чучавічы траплялі дыверсійныя групы з боку Вялікага Рожана.

      • Забойства польскага палоўніка Баляслава Масціцкага адбылося ў 1918 годзе каля ўрочышча Дуб у Чучавіцкім лесе. Сыходзячы з расповедаў жыхароў гэта быў акт рабавання, які здзейснілі мясцовыя жыхары. Пазней злачынцы былі пакараны, а тагачасны солтыс вёскі быў павешаны на выездзе з вёскі ў бок урочышча. Пра забойства палкоўніка можна пачытаць адпаведны артыкул, а таксама паслухаць расповед мясцовай жыхаркі Грыцкевіч Марыя Сцяпанаўны.

        Запіс 2010 года · Грыцкевіч Марыя Сцяпанаўна

        На месцы забойства быў усталяваны памятны знак, які можна пабачыць на 3D-мадэлі ніжэй.

      • Савецкія рэпрэсіі масава закранулі Чучавіцкі край 10 лютага 1940 года. Тады звыш за 150 чалавек былі арыштаваны і выселены ў Валагодскую вобласць. Найбольш пацярпелі людзі, задзейнічаныя ў лясной гападарцы. Рэпрэсаваны былі 27 ляснікоў і іх сем'і.

        Пасля рэабілітацыі ў 1941 годзе частка людзей вярнулася ў Чучавіцкі край, аднак большасць выехала за межы савецкага саюза. Так, напрыклад, сям'я Курака Рамана з урочышча Перадзел апынулася ў ЗША, сям'я Грыня Васіля - у Польшчы.

        Апроч высылкі ў Валагодскую вобласць у ляснікоў была канфіскавана маёмасць і хаджайства. Так у Ярмаковіча Сямёна Цімафеевіча, які адпрацаваў лясніком 30 год, былі канфіскаваны 10 дзесцяін зямлі, 15 кароў, 5 галоў маладняка, 3 працоўныя кані і 1 не працоўны, 2 свінні, 10 авец, 3 хаты і іншыя гаспадарчыя прыбудовы.

      Памятны знак на месцы забойства Баляслава Масціцкага ў Чучавіцкім лесе

      Дынастыі ляснікоў

      У працэсе напаўнення

      Дынастыі столяраў

      Макаед

      1. Якім Макаравіч Макаед
        1697-1797 · Вялікія Чучавічы
        Першая ўзгадка Якіма як столяра датуецца 1764 годамы
      2. Яўхім Якімавіч Макаед
        1765-1800 · Вялікія Чучавічы
      3. Максім Яўхімавіч Макаед
        1780-? · Вялікія Чучавічы
      4. Даніл Максімавіч Макаед
        1814-1879 · Вялікія Чучавічы
      5. Сцяпан Данілавіч Макаед
        1843-? · Вялікія Чучавічы
      6. Міхаіл Сцяпанавіч Макаед
        1886-? · Вялікія Чучавічы
      7. Іван Міхайлавіч Макаед
        1904-? · Вялікія Чучавічы
      8. Мікалай "Чывілька" Іванавіч Макаед
        1934-2010 · Вялікія Чучавічы

      Ліхтар

      1. Гардзей Ліхтар
        ~1712-да 1795 · Вялікія Чучавічы
      2. Цімафей Ліхтар
        1750-1813 · Вялікія Чучавічы
      3. Васіль Ліхтар
        1800-1859 · Вялікія Чучавічы
      4. Дарафей Ліхтар
        1807-1855 · Вялікія Чучавічы

      Гушчэня

      1. Улас Гушчэня
        - · Вялікія Чучавічы
      2. Хведар Гушчэня
        - · Вялікія Чучавічы
      3. Іван Гушчэня
        - · Вялікія Чучавічы
      4. Сцяпан Гушчэня
        - · Вялікія Чучавічы

      У працэсе напаўнення

      1. ·
      Двор і хата дынастыі столяраў Макаедаў
      Двор і хата дынастыі столяраў Макаедаў Вялікія Чучавічы · 2022 · фота: Раман Клеўжыц

      Людзі, звязаныя з лесам

      1. 1870
        Стэфановіч Іван Сцяпанавіч надляснічны Чучавіцкага лясніцтва
      2. 1938
        Далінец Багдан ляснічы, нарадзіўся ў 1905 годзе і пражываў у Гоцку з 1937 года
      3. 1938
        Крынскі Леапольд надгаёвы, нарадзіўся ў 1883 годзе і пражываў у Баравіках з 1937 года
      4. 1938
        Кавальскі Уладзіслаў гаёвы, нарадзіўся ў 1898 годзе і пражываў у Баравіках з 25 мая 1934 года
      5. 1938
        Ляўковіч Канстанцін аб'яздовы, нарадзіўся ў 1880 годзе і пражываў у Лугах з 1923 года
      6. 1938
        Міладоўскі Антон гаёвы, нарадзіўся ў 1905 годзе ў Чучавіцкім краі
      7. 1938
        Бакун Фёдар лясны практыкант, выконваў абавязкі ляснічага ў Баравіках з 1938 года, калі быў скіраваны з Ніжнягя Кіяўца, нарадзіўся ў 1908 годзе, скончыў школу лясной гаспадаркі PSL Białowieża у 1936 годзе
      Дакументальны фільм пра вузкакалейку Люшча-Чучавічы-Канал, 1953 г.
      Начны запіс жывёл Чучавіцкага краю з фотапасткі, 2025 г.
      Аэраздымка Чучавіцкага лесу, 2025 г.
      Месца былой вузкакалейкі Вялікія Чучавічы - Канал
      Месца былой вузкакалейкі Вялікія Чучавічы - Канал
      Чучавіцкі лес · 2020 · фота: Кірыл Ціхаміраў